БУ́РЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,

жалезная руда; мінер. ўтварэнні з тонкадысперснай сумесі гідраксідаў жалеза, аксідаў і гідраксідаў крэмнію і алюмінію. Гал. мінералы: гётыт, гідрагётыт, гематыт, гідрагематыт і інш. Трапляецца ў выглядзе зямлістых скрытакрышт. масаў, нацёкаў, канкрэцый, жэодаў, аалітаў, сталактытаў, псеўдамарфозаў на інш. мінералах і выкапнёвых арган. рэштках. Колер ад цёмна-карычневага да светла-жоўтага. Утварэнне звязана з працэсамі акіслення ў паверхневай зоне зямной кары. Асн. радовішчы асадкавыя (марскія, рачныя, азёрныя, балотныя) і кары выветрывання ультраасноўных парод. Адна з самых пашыраных жал. руд, якія маюць прамысл. значэнне пры колькасці жалеза больш за 30% і малой колькасці шкодных прымесяў (серы, фосфару, мыш’яку). Найб. радовішчы ў Расіі, Казахстане, ЗША, Францыі, на Кубе, у Новай Каледоніі. У Беларусі трапляецца ў складзе балотнай руды.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)